Праваслаўе ў грамадскім жыцці: традыцыя і сучаснасць

01.12.2022 г. на факультэце гісторыі і міжкультурных камунікацый прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Праваслаўе ў грамадскім жыцці: традыцыя і сучаснасць”. Яе арганізатарамі традыцыйна выступілі ГДУ імя Ф. Скарыны ў асобе кафедры ўсеагульнай гісторыі і грамадскай кафедры хрысціянскай культуры і Гомельская епархія Беларускай Праваслаўнай царквы. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел аўтарытэтныя спецыялісты па гісторыі рэлігіі, царквы, духоўнай культуры з універсітэтаў Беларусі і Расіі. На пленарным пасяджэнні былі заслуханы даклады, прысвечаныя актуальным праблемам рэлігійнага жыцця на землях усходніх славян ад Ранняга Новага часу да сучаснасці. Затым канферэнцыя працягнула сваю работу ў секцыях. Тут свае даклады прадставілі як ужо вядомыя даследчыкі, так і студэнты з Беларусі і Расіі. Усяго было заслухана больш 30 дакладаў. 

У рамках канферэнцыі адбыўся конкурс прэзентацый сярод школьнікаў. Яго ўдзельнікі прадставілі свае працы, прысвечаныя гісторыі хрысціянства на Беларусі на суд журы, якое і вызначыла пераможцоў конкурсу. Яны былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі, якія прадставіла Гомельская епархія Беларускай Праваслаўнай царквы. Адным з элементаў канферэнцыі стала правядзенне для студэнтаў факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый прадстаўнікамі Гомельскай епархіі круглага стала, які быў прысвечаны праблемам маральнага выхавання моладзі.