История кафедры
Кафедра в 2021 году
Кафедра ўсеагульнай гісторыі была створана ў 1947 г. Яе першым загадчыкам быў Анатоль Максімавіч Гурэвіч, які адначасова з’яўляўся дэканам гістарычнага факультэта. У першы год існавання на кафедры працавала пяць выкладчыкаў. У 1949 г. кафедру ўзначаліў Генадзь Пятровіч Курэленка. У 1949 г. на кафедры былі абаронены дзве першыя кандыдацкія дысертацыі: Э.Б. Модзінай “Узнікненне Індыйскага нацыянальнага кангрэса і першыя гады яго дзейнасці”; А.І. Каробачкай “Паўстанне камізараў”.
У 1970-я гады кафедра ўсеагульнай гісторыі была аб’яднана з кафедрай гісторыі СССР, загадчыкам якой з 1972 г. стаў канд. гіст. навук, дацэнт Г.С. Еўдакіменка. У гэты перыяд на кафедры працавалі вядомы ўсходазнавец, доктар гіст. навук, прафесар А.А. Бенядыктаў, гісторыю краін Азіі і Афрыкі выкладаў канд. гіст. навук, дацэнт В.Ф. Маслюкоў. Курсы новай гісторыі і гісторыі краін Азіі і Афрыкі чыталі выкладчыкі з Белдзяржуніверсітэта дактары гіст. навук, прафесары Л.М. Шнэерсон і Г.М. Трухноў. Напачатку 1980-х гг. кафедру ўзначаліла канд. гіст. навук, дацэнт З.М. Сарока.
У 1984 г. кафедра гісторыі СССР і ўсеагульнай гісторыі была рэарганізавана і на яе базе былі створаны асобныя кафедра гісторыі СССР і кафедра ўсеагульнай гісторыі, першым кіраўніком якой стаў канд. гіст. навук, дацэнт Р.Р. Лазько, які ўзначальваў кафедру да 2012 г. (з невялікім перапынкам). Спецыялізацыяй кафедры стала даследаванне новай і навейшай гісторыі краін Еўропы. У 1970-х – 1980-х гг. на кафедры працавалі медыявіст канд. гіст. навук, дацэнт А.А. Цітова, германіст канд. гіст. навук, дацэнт Л.М. Гаранін, археолаг канд. гіст. навук, дацэнт У.У. Багамольнікаў. У канцы 80-х – пачатку 90-х гг. ХХ ст. на кафедры пачалі сваю працу асістэнты А.М. Кротаў і М.М. Мязга.
З 1998 па 2004 гг. кафедру ўзначальваў германіст канд. гіст. навук, дацэнт А.М. Бабкоў. У гэты час на кафедры з’явіліся новыя выкладчыкі – асістэнты Д.А. Ражкоў, А.В. Малкоў, С.А. Чаропка, А. М. Дуброўка.
З 2012 па 2019 г. загадчыкам кафедры працаваў канд. гіст. навук, дацэнт С.А. Чаропка. З 2019 года загадчыкам кафедры з’яўляецца доктар гіст. навук, прафесар М.М. Мязга. У цяперашні час на кафедры ўсеагульнай гісторыі працуе 9 выкладчыкаў, сярод якіх 2 прафесары, д. г. н. (Р.Р. Лазько, М.М. Мязга), 5 дацэнтаў, к. г. н. (А.М. Бабкоў, А.М. Дуброўка, А.М. Кротаў, Д.М. Талочка, С.А. Чаропка), 2 старэйшыя выкладчыкі (С.М. Ражкова, А.П. Шыляеў).
Напрамкам навуковых даследаванняў кафедры з’яўляецца гісторыя краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў новы і навейшы час. Па дадзенай праблематыцы выкладчыкамі кафедры ўсеагульнай гісторыі абаронены 2 доктарскаія і 5 кандыдацкіх дысертацый. Выкладчыкі кафедры з’яўляюцца аўтарамі шэрагу манаграфій і навукова-папулярных выданняў. Дацэнт С.А. Чаропка і ст. выкладчык А.П. Шыляеў займаюцца распрацоўкай пытанняў, звязаных з станаўленнем ваеннай справы ў Рэчы Паспалітай, месцам гэтай дзяржавы ў сістэме міжнародных адносін у XVI–XVIII стст. Першая сусветная вайна і праблема бежанства з’яўляюцца прадметам вывучэння дацэнта А.М. Бабкова. Гісторыя Польшчы міжваеннага перыяду, працэс станаўлення беларускай дзяржаўнасці з’яўляецца полем даследавання прафесара Р.Р. Лазько і дацэнта Д.М. Талочкі. Гісторыю міжнародных адносін міжваеннага перыяду вывучаюць прафесар М.М. Мязга і дацэнт А.М. Дуброўка. Даследаваннямі ў галіне імагалогіі займаецца дацэнт А.М. Кротаў.
Выкладчыкі кафедры актыўна павышаюць сваю навуковую і метадычную падрыхтоўку не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. За апошнія гады дацэнт С.А. Чаропка прайшоў стажыроўкі ў Ягелонскім універсітэце (г. Кракаў, Польшча) і Варшаўскім універсітэце (Польшча), Міжнародным цэнтры «Яд Вашэм» (г. Іерусалім, Ізраіль), Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В. Ламаносава (Расійская Федэрацыя), МГИМО (Масква, Расійская Федэрацыя). Прафесар Р.Р. Лазько – у Віленскім універсітэце (Літва). Прафесар М.М. Мязга – у МДУ імя М.В. Ламаносава (Расійская Федэрацыя), Музеі Польскай гісторыі (г. Варшава), Міжнародным цэнтры «Яд Вашэм» (г. Іерусалім, Ізраіль), МГИМО (Масква, Расійская Федэрацыя). Дацэнт А.М. Кротаў – у МДУ імя М.В. Ламаносава (Расійская Федэрацыя). Дацэнт Д.М. Талочка – у МДУ імя М.В. Ламаносава (Расійская Федэрацыя) і МГИМО (Масква, Расійская Федэрацыя). Дацэнт А.М. Дуброўка – у Музеі Польскай гісторыі (г. Варшава), Ягелонскім універсітэце (г. Кракаў, Польшча), МГИМО (Масква, Расійская Федэрацыя). Старшы выкладчык А.П. Шыляеў стажыраваўся ў Варшаўскім універсітэце.
Кафедра ўсеагульнай гісторыі з’яўляецца магутным навуковым цэнтрам, яна ўдзельнічае ў выкананні фінансуемай навуковай тэматыкі ў рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў. На яе базе рэгулярна праводзяцца міжнародныя канферэнцыі, сярод якіх асабліва вылучаецца «Беларусь і суседзі: шляхі фарміравання дзяржаўнасці, міжнацыянальныя і міждзяржаўныя адносіны», дзе сустракаюцца даследчыкі не толькі з навуковых цэнтраў Беларусі, але і з Літвы, Латвіі, Польшчы, Расійскай Федэрацыі, Славакіі, Украіны. З 2012 г. на кафедры штогод выдаецца зборнік навуковых артыкулаў «Беларусь і суседзі: шляхі фарміравання дзяржаўнасцi, мiжнацыянальныя i мiждзяржаўныя адносiны».
Выкладчыкі кафедры актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных праграмах акадэмічных абменаў. У 2017 г. дацэнт С.А. Чаропка, а ў 2018 г. дацэнт А.М. Дуброўка ў рамках праграмы «ERASMUS+» прачыталі курсы лекцый для студэнтаў і аспірантаў Універсітэта Эберхарда і Карла ў г. Тубінген (Германія). Прафесар М.М. Мязга ў 2019 г. прачытаў курс лекцый для студэнтаў Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні. У рамках праграмы «MOST» дацэнт Чаропка прыняў удзел у рабоце міжнароднага семінара ў г. Берлін (Германія), прафесары Р.Р. Лазько, М.М. Мязга і дацэнт А.М. Дуброўка ў круглым стале ва Універсітэце Мікалая Каперніка ў Торуні (2019 г.).
Кафедра в 2019 году