Круглы стол “Міжнародныя адносіны міжваеннага перыяду: да 100-годдзя Рапальскага дагавора”
5 красавіка 2022 г. на факультэце гісторыі і міжкультурных камунікацый адбыўся круглы стол “Міжнародныя адносіны міжваеннага перыяду: да 100-годдзя Рапальскага дагавора”. Яго арганізатарам выступіла кафедра ўсеагульнай гісторыі нашага ўніверсітэта. З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся дэкан факультэта С. А. Чаропка. Ролю мадэратара круглага стала выканаў прафесар Р. Р. Лазько. Былі заслуханы даклады, падрыхтаваныя студэнтамі, якія спецыялізуюцца на вывучэнні гісторыі міжнародных адносін. У ходзе выступленняў было адзначана, што Рапальскі дагавор з’яўляецца адным з ключавых міжнародных дакументаў міжваеннага часу. Ён не толькі вызначыў стан савецка-германскіх адносін на працяглы перыяд. Пад яго ўплывам адбывалася эвалюцыя Версальскай сістэмы ў цэлым. Аказаў Рапальскі дагавор уплыў і на міжнародныя пазіцыі Беларусі. БССР аказалася ў ліку савецкіх рэспублік, на якія было распаўсюджана дзеянне Рапальскага дагавора. У выніку былі ўсталяваны афіцыйныя дыпламатычныя адносіны паміж Германіяй і БССР. Савецкая Беларусь атрымала юрыдычнае прызнанне ад адной з буйнейшых краін Еўропы, што было важна для ўмацавання яе дзяржаўнага статуса. Вынікі круглага стала падвёў загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі М. М. Мязга, які адзначыў высокі навуковы ўзровень прагучаўшых дакладаў.